Пра вынікі апошняга апытаньня наконт выбару беларусаў паміж вайскова-палітычнымі саюзамі і нэўтралітэтам расказаў у этэры «ПіКу Свабоды» кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House, доктар паліталёгіі Рыгор Астапеня.
— Паводле вынікаў апытаньня гараджанаў Беларусі больш за палову апытаных (55%) выказаліся за захаваньне сяброўства краіны ў АДКБ і пасьля зьмены палітычнага кіраўніцтва Беларусі, 8% — за ўступленьне Беларусі ў NATO, 37% — за выхад з АДКБ і захаваньне нэўтралітэту. Графік цікавы ў рэчышчы палітычных спрэчак у дэмакратычных сілах пра геапалітычны выбар. Адны — за эўрапейскі выбар, іншыя — за нэўтралітэт, за «беларускую Фінляндыю». Гэты графік — больш пераканаўчы аргумэнт на чыю карысьць? Ці можна спадзявацца, што настроі могуць кардынальна зьмяніцца: сёньня за NATO 8%, а заўтра мо і 60%?
ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ
— Мы пачыналі гэтае дасьледаваньне ў 2020 годзе, і тады здавалася, што неўзабаве адбудзецца зьмена ўлады. І таму пытаньне было пра будучыню. Калі казаць пра цяперашнія спрэчкі ў дэмакратычных сілах, я мяркую, што гэтыя зьвесткі — аргумэнт на карысьць «фінляндызацыі», бо, як бачым, пазаблёкавы стан — досыць папулярны варыянт. І гэта даволі дзіўна — што не было палітыкаў, якія б выразна выказваліся за такі папулярны ў грамадзтве варыянт. У адказах на пытаньне аб геапалітычным выбары паміж саюзам з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз таксама даволі шмат набірае варыянт «па-за межамі абодвух саюзаў». Ці можа падтрымка ўступленьня Беларусі ў NATO раптоўна вырасьці з 8% да 100% ці нават да 50%? Не, ня можа. Бо грамадзтва гэтага не прымае. З розных прычынаў: нехта мае прарасейскія ўяўленьні, нехта кепска ставіцца да NATO.
— Але вашыя апанэнты скажуць, што калі ў тэлевізіі растлумачыць, як добра і бясьпечна Беларусі будзе ў NATO, то людзі хутка гэта зразумеюць і падтрымка істотна вырасьце.
— А навошта тэлевізар? Тлумачце ў TikTok. І мы пабачым, ці атрымаецца хоць б 50% падтрымкі сяброўства Беларусі ў NATO. Гэта такі наратыў: калі ў нас будзе вялікі мікрафон, мы ўсё людзям дакладна растлумачым — і яны нам павераць. Мы бачым на пракладзе афіцыйнай дзяржаўнай прапаганды, што ёсьць вялікія абмежаваньні наконт таго, у чым людзей можна пераканаць. Цяпер шмат каналаў камунікацыі, празь якія можна спрабаваць данесьці сваю думку. Было б жаданьне і здольнасьць імі карыстацца.
ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ
— Вы ў апытаньні таксама задалі шэраг пражэктыўных пытаньняў — ці варта Беларусі ўступіць у NATO пры розных умовах (ёсьць эканамічная падтрымка з боку Захаду ці няма, Расея супраць Беларусі ў NATO ці ня супраць). І дзіўна, што гэтыя ўмовы ніяк не ўплывалі на выбар. Пра што гэта сьведчыць?
— Значыць, ладная частка грамадзтва ўпэўненая, што Беларусі ў NATO ісьці ня варта ні пры якіх абставінах, нават самых спрыяльных. Гэта апрыёрнае, ідэалягічнае непрыняцьцё, незалежнае ад умоваў. Але варта нагадаць, што Беларусь ніколі не была пранатаўскай краінай. Дарэчы, гадоў 10-15 таму пранатаўскай не была і Ўкраіна.
— Дык вашыя апанэнты і прыводзілі б гэта як контраргумэнт на карысьць NATO. Так, калісьці ва Ўкраіне падтрымка сяброўства ў Паўночнаатлянтычным альянсе была нізкай, а цяпер вельмі высокая. Фінляндыя была нэўтральнай дзесяцігодзьдзямі пасьля 1945 году. А праз 77 гадоў, у 2022 годзе, вырашыла ўступіць у NATO. Дык мо і зь Беларусью будзе тое самае?
— Усё магчыма. Можа, праз 20 гадоў, ці праз 50 гадоў, ці праз 77 гадоў сытуацыя ў Беларусі зьменіцца. Магу толькі пазайздросьціць людзям, якія маюць такія далёкія далягляды. Ці можа грамадзтва кардынальна зьмяніць свае погляды пад уплывам істотных падзеяў? Можа. Аднак неабавязкова гэтыя зьмены ў лепшы бок. Пакуль яно мяняецца ў горшы бок. Хаця ў некаторых пытаньнях сытуацыя не такая і кепская.
Калі толькі 27% беларусаў падтрымліваюць ваенныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне — дык гэта як сьвята варта адзначаць з улікам таго стану, у якім Беларусь зараз знаходзіцца. Але ёсьць нэгатыўная дынаміка, бо Беларусь робіцца часткай расейскага «муру». Бо ад чаго быць праэўрапейскім настроям? У нас на фокус-групах рэспандэнты нават зьдзіўленьне выказвалі, калі мы іх пыталіся пра стаўленьне да Эўропы, маўляў, дзе мы, а дзе Эўропа, яна мала зьвязаная з нашай рэчаіснасьцю — даехаць туды складана, цягнікі ня ходзяць, візу не атрымаеш. Калі такая палітыка будзе працягвацца, праэўрапейскія настроі будуць зьмяншацца і надалей.
Форум