Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі, — экспэрт Фінскага інстытуту Рыгор Ніжнікаў


Аляксандар Лукашэнка і сьцяг Фінляндыі. Фотакаляж
Аляксандар Лукашэнка і сьцяг Фінляндыі. Фотакаляж

Сьцісла

  • «Фінляндызацыя» — гэта абмежаваньне сувэрэнітэту, на якое фіны добраахвотна ніколі не пагадзіліся б.
  • Калі нехта жадае стаць «мостам», то яны апынуцца пад мостам без краіны, бяз хаты й безь нічога
  • Беларусы ўжо ў вайне, яны ўжо аб’ект расейскага імпэрскага праекту супраць незалежных краінаў
  • Беларусь можа стаць цэнтрам наступнага выбуху.

Былы палітвязень і апазыцыйны блогер Сяргей Ціханоўскі некалькі разоў агучыў у зваротах да заходніх палітыкаў ідэю «фінскага шляху» для Беларусі — «нэўтральнай, але самастойнай». Экспэрт Фінскага інстытуту міжнародных справаў Рыгор Ніжнікаў у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чаму большасьць фінаў нэгатыўна ставяцца да тэрміну «фінляндызацыя».

Пад тэрмінам «фінляндызацыя» разумеюць абмежаваньне замежнапалітычнага сувэрэнітэту Фінляндыі, яе нэўтральны статус у абмен на захаваньне ўнутрыпалітычных асноваў дзяржаўнасьці, якое дзейнічала ў часы ўплыву на гэтую краіну СССР. Цяпер Фінляндыя інтэграваная ў Эўразьвяз і NATO.


— Перш чым абмяркоўваць цяперашняе значэньне і стасоўнасьць для Беларусі тэрміну «фінляндызацыя», давайце ўзгадаем, чым для саміх фінаў ёсьць гэты тэрмін — і ў гістарычным аспэкце, і зараз. Які сэнс тады мела гэтае слова і як яго ўспрымаюць цяпер?

— Падчас існаваньня Савецкага Саюзу ў Фінляндыі на гэтую тэму была самацэнзура і проста цэнзура, то бок крытыкаваць СССР, ягоную палітыку і адносіны зь Фінляндыяй было немагчыма. Не сакрэт, што самыя фіны, асабліва сёньня, ставяцца вельмі кепска да гэтага тэрміну — лічаць яго ў пэўным сэнсе зьневажальным для Фінляндыі.

Рыгор Ніжнікаў
Рыгор Ніжнікаў

Бо галоўнае ў тым, што «фінляндызацыя» — гэта абмежаваньне сувэрэнітэту, на якое фіны добраахвотна ніколі не пагадзіліся б. Зрабіць так іх прымусілі абставіны і час. І зь сёньняшняга гледзішча для фінаў «фінляндызацыя» азначала, груба кажучы, страчаны час. 40 гадоў яны не маглі ні ўнутры краіны, ні на вонкавай арэне рабіць тыя рэчы, якія хацелі. Не маглі разьвівацца так, як лічылі патрэбным.

У нейкім пазытыўным сэнсе гэты тэрмін можна разглядаць толькі таму, што ў выніку ўсё для іх закончылася добра. Калі б усё пайшло па дрэнным сцэнары, калі б савецкая імпэрыя не развалілася, не было б і сяброўства Фінляндыі ў Эўразьвязе. І невядома, як у прынцыпе ўсё б скончылася.

— Але, магчыма, нэгатыўная ацэнка — адбітак цяперашняга часу і падзеяў на фоне агрэсіі Расеі супраць Украіны? Але з гледзішча тых часоў, можа, гэта быў варыянт, які дазваляў Фінляндыі ў пэўным сэнсе разьвівацца? Мы бачылі эканамічныя посьпехі гэтай краіны, яны бралі танныя савецкія энэргарэсурсы, прадавалі ў СССР сваю прадукцыю даволі выгадна.

— У фінаў не было свабоды выбару, не было іншага варыянту, акрамя як зарабляць такім чынам. А калі б Фінляндыя далучылася да «пляну Маршала», да Эўразьвязу — то і ўзровень жыцьця быў бы зусім іншы. Краіна нашмат хутчэй пазбылася б тых эканамічных праблемаў, якія ў яе былі.

Калі б Фінляндыя далучылася да «пляну Маршала», да Эўразьвязу — то і ўзровень жыцьця быў бы зусім іншы

Калі глядзець вузка, пад пэўным ракурсам, то нібыта можна знайсьці пазытыўныя бакі «фінляндызацыі». Але ж мы павінны вярнуцца да галоўнага — гэта стан абмежаванага сувэрэнітэту. І калі ў вас выбар — мець поўны сувэрэнітэт або абмежаваны сувэрэнітэт, то ўсякая нацыя выбрала б самастойнасьць.

Многія фіны ведаюць, як фінскія эліты манэўравалі — напрыклад, «дыпляматыяй саўны» — і глядзяць на гэта як дадзенасьць і вымушаную неабходнасьць. Была падпісаная савецка-фінская дамова, паводле якой дзьве краіны, у сутнасьці, утварылі абарончы саюз. І калі б, як разьлічваў Сталін, прыйшлі да ўлады камуністы — то мы б абмяркоўвалі «фінляндызацыю» зусім іншым чынам. Можна сказаць, фінам у пэўным сэнсе пашанцавала захаваць сувэрэнітэт.

Прэзыдэнт Фінляндыі Урха Калева Кеконен і першы сакратар Камуністычнай партыі СССР Мікіта Хрушчоў у Крамлі. 1960 год
Прэзыдэнт Фінляндыі Урха Калева Кеконен і першы сакратар Камуністычнай партыі СССР Мікіта Хрушчоў у Крамлі. 1960 год

— Але пяройдзем да Беларусі. У чым недахоп канцэпцыі, паводле якой Беларусі варта стаць мостам паміж Расеяй і Захадам? Пры гэтым, улічваючы даволі моцныя прарасейскія настроі і цяперашнюю залежнасьць ад Расеі, неабавязкова далучацца да заходніх структураў.

— Яна нерэалістычная. Жыць паміж двума геапалітычнымі блёкамі, якія знаходзяцца ў канфлікце, немагчыма. Акрамя таго, Расея ніколі не пагодзіцца на «фінляндызацыю» Беларусі. Для іх Беларусь не Фінляндыя, яны лічаць беларусаў расейцамі, а Беларусь расейскай тэрыторыяй. І калі нехта жадае стаць «мостам», то, прабачце, яны апынуцца пад мостам без краіны, бяз хаты й безь нічога.

— Вы кажаце, што Расея не пагодзіцца нават на «фінляндызацыю» Беларусі, то бок на адносна нэўтральную Беларусь. Але тады Масква пагатоў ня прыме ўваходу Беларусі ў заходнія структуры.

— Беларусь павінна адстойваць свае інтарэсы. Галоўная праблема ў тым, што з рэжымам Лукашэнкі гэтага не атрымаецца. Для Лукашэнкі й для яго рэжыму галоўнае — улада, і пры ім Беларусь страчвае сувэрэнітэт. Таму пра нейкія магчымасьці штосьці рабіць разам з Лукашэнкам трэба, я думаю, забыць, нават не абмяркоўваць.

Што да тых сілаў і грамадзкіх групаў, якія жадаюць змагацца за незалежнасьць Беларусі, то яны павінны разумець: сапраўды незалежная Беларусь магчымая толькі ў складзе Эўропы. Бо ў расейскім геапалітычным праекце Беларусь будзе толькі расейскай вобласьцю.

Пра нейкія магчымасьці штосьці рабіць разам з Лукашэнкам трэба, я думаю, забыць, нават не абмяркоўваць

Я думаю, трэба адпаведна ставіць стратэгію сяброўства ў Эўразьвязе і да гэтага ісьці. Ці будзе ў Беларусі такі шанец? Мы ня ведаем. Але ж, хутчэй за ўсё, у будучыні ён можа зьявіцца — і для гэтага трэба працаваць. Адчыніцца вакно магчымасьцяў, калі ў Расеі ня будзе ані сілаў, ані часу займацца беларускім пытаньнем. Калі ж у той момант мы будзем абмяркоўваць, ці быць нам новай Фінляндыяй, ці быць нам нэўтральнымі, мы толькі памнажаем шанцы Масквы ажыцьцявіць свае пляны.

— Вы кажаце, што рэч перш за ўсё ў рэжыме Лукашэнкі, але тут можна запярэчыць. Бо, як кажа сацыялёгія, толькі каля 10 працэнтаў беларусаў падтрымліваюць уступленьне краіны ў NATO. Каля 50 працэнтаў выказваюцца за знаходжаньне Беларусі ў прарасейскім блёку АДКБ. Рэшта або ня мае адказу, або за тое, каб Беларусь была нэўтральнай. Вы лічыце, што такія настроі ня могуць стаць праблемай у новых гістарычных умовах?

— Цяперашні стан беларускага грамадзтва мы можам параўноўваць з малдоўскім ці ўкраінскім да 2014 году. Праблема беларускага грамадзтва ў тым, што яно знаходзіцца пад моцнай прапагандысцкай прасолкай Масквы і рэжыму Лукашэнкі.

Падчас вайны, вядома, кожны хацеў бы быць па-за вайной. Але беларусам трэба казаць, што гэта немагчыма. Яны ўжо ў вайне, яны ўжо аб’ект расейскага імпэрскага праекту супраць незалежных краінаў.

Сёньня трэба размаўляць не пра NATO, а пра Эўразьвяз. І галоўнае — рыхтаваць беларускую эліту. Я сёньня бачу, што праца такая не вядзецца.

— Пэўная частка беларусаў хоча, каб краіна была ў заходніх структурах, прынамсі ў Эўразьвязе. Аднак ніколі з боку Захаду і галоўных заходніх палітыкаў не гучала: мы хочам бачыць Беларусь у нашых шэрагах. І калі праэўрапейскім беларусам кажуць «вы там не патрэбныя», то стратэгічна няма чым запярэчыць. Ці лічыце вы слушным такое стаўленьне?

— Яно няправільнае. Без разьвязаньня беларускага пытаньня эўрапейская сыстэма бясьпекі ня будзе ніколі паўнавартаснай і цалкам стабільнай. Цяпер вялікі крызіс навокал Украіны, часткова таксама Малдовы. Але ж Беларусь можа стаць цэнтрам наступнага выбуху.

Праблема эўрапейцаў у тым, што, па-першае, яны зараз сканцэнтраваныя на Ўкраіне. Па-другое, яны пакуль ня бачаць ніякіх перадумоваў таго, што сытуацыя ў Беларусі можа зьмяніцца. Калі беларускае пытаньне сапраўды стане на парадак дня — рашэньні будуць прымацца даволі хутка. Галоўнае — быць падрыхтаваным, каб эўрапейскую эліту і грамадзкую думку перацягнуць у кола беларускіх інтарэсаў.

Пакуль эўрапейцы працуюць кароткатэрмінова. Іх стратэгія — пачакаем і паглядзім, як там разьвіваюцца падзеі, каб не прымаць цяжкіх рашэньняў проста зараз. Але калі вакно магчымасьцяў адчыніцца, я думаю, шмат хто ў Эўропе будзе гатовы, і трэба гэтай магчымасьцю скарыстацца.

Часткова праблема эўрапейскіх палітыкаў у тым, што яны палічылі, што зь беларускім грамадзтвам павінны працаваць беларускія дэмакратычныя сілы, Сьвятлана Ціханоўская. Не разумеючы, што гэта ня можа мець таго эфэкту. Але прынятыя дакумэнты, стратэгія адносна Беларусі сьведчаць, што Эўропа гатовая прыняць Беларусь у эўрапейскую сям’ю.

Дарэчы, фінскае грамадзтва да 2022 году таксама было супраць NATO. Але калі час зьмяніўся, то грамадзкая думка зьмянілася за 24 гадзіны. Калі фіны пабачылі, што Расея не сусед, зь якім можна гандляваць, мець палітычныя адносіны, а пагроза.

Таму галоўнае для Беларусі — рыхтавацца да вакна магчымасьцяў і скарыстацца ім хутка, а ня траціць час на абмеркаваньні, куды ісьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG