Урад Беларусі зацьвердзіў пастанову, у якой вызначылі некаторыя парамэтры дзяржаўнай праграмы «Збалянсаваны рынак працы», разьлічанай на 2026–2030 гады.
Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, праграма складаецца з сямі разьдзелаў.
У іх вызначылі мэты і галоўныя задачы праграмы, а таксама вылучылі асобна дзьве падпраграмы — «Рынак працы» і «Міграцыя».
Згодна зь інфармацыяй дзяржаўных органаў, на 30 чэрвеня 2025 году ў Беларусі пражывала больш за 231 тысячу замежнікаў, якія маюць дазвол на часовае або сталае пражываньне ў краіне.
У студзені—чэрвені 2025 году колькасьць замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь на працу, павялічылася да 21 тысячы з 12 тысяч у аналягічным пэрыядзе 2024 году.
Апроч таго, сёлета ўдвая пабольшала колькасьць зваротаў замежнікаў па атрыманьне дадатковай абароны або прытулку ў Беларусі — з 647 да 1,2 тысячы (усяго ў 2024 годзе атрымалі 2,2 тысячы адпаведных зваротаў, у 2023-м — 1,4 тысячы, у 2022-м — 2,6 тысячы, у 2021 годзе — 486).
Як вынікае з дакумэнту, пачынаючы з 2026 году, улады Беларусі плянуюць кожны год прыцягваць на айчынны рынак працы ня менш за 10 тысяч замежнікаў. Такім чынам, у 2030 годзе ў Беларусі павінны працаваць 50 тысяч іншаземных грамадзян.
У дакумэнце адзначаецца, што павелічэньне колькасьці працоўных мігрантаў павінна спрыяць зьмяншэньню ўзроўню беспрацоўя. Праграма распрацоўвалася з дзейнага цяпер 4,2 %, а ў 2030 годзе ўзровень беспрацоўя павінен скараціцца да 3,8 %.
Улады Беларусі раней ня раз заяўлялі, што ў Беларусі «рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя» — 2,4%.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у 2025 годзе ў Беларусі ў паўтара раза — да 32 тысяч — пабольшала замежных грамадзян, якія працуюць на беларускіх прадпрыемствах. Геаграфія краін — донараў замежнай працоўнай сілы шырокая, гэта 114 краін, але больш за палову мігрантаў — грамадзяне Туркмэністану і Ўзбэкістану. 70% працоўных мігрантаў з-за мяжы занятыя ў рабочых прафэсіях.
У той жа час у Беларусі назіраецца рэкордны для сучасных умоваў кадравы дэфіцыт.
Сёлета ў студзені Аляксандар Лукашэнка заяўляў аб неабходнасьці больш актыўна залучаць у рынак працы тых, хто не працуе. Асабліва ён зьвяртаў увагу на Менск, а ў лістападзе 2024-га казаў, што ў Беларусі не павінна быць «бамжоў і дармаедаў».
У красавіку Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць 150 тысяч працаўнікоў з Пакістану, каб выправіць сытуацыю на рынку працы.
Форум