Альтэрнатыўны даклад аб выкананьні ў Беларусі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах падрыхтавалі праваабаронцы зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і праваабарончага цэнтру «Вясна», выкарыстаўшы матэрыялы Асамблеі няўрадавых арганізацый і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Старшыня БХК Алег Гулак патлумачыў, чаму даклад завецца альтэрнатыўным:
«Апошні даклад быў у 1997 годзе, чарговы мусіў быць у 2001-м. Атрымліваецца, што з гэтага году Беларусь мае запазычанасьць перад ААН у галіне правоў чалавека».
Алег Гулак змог адзначыць толькі адзін станоўчы момант у галіне правоў чалавека за апошні час — гэта пачатак падрыхтоўкі закону аб альтэрнатыўнай вайсковай службе і спыненьне перасьледу некаторых вернікаў, якія адмовіліся служыць у войску з рэлігійных прычын. Адзін з прыкладаў тут — справа верніка Яна Міхайлава. Між тым у некаторых галінах, паводле Алега Гулака, сытуацыя стала горшай: павялічылася колькасьць нематываваных затрыманьняў, арыштаў і ператрусаў грамадзкіх актывістаў. Ня стала прасьцейшай працэдура рэгістрацыі няўрадавых арганізацый. Зьмены ў выбарчы закон не прывялі да рэальнай дэмакратызацыі выбарчага працэсу, мяркуе праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч зь «Вясны» таксама адзначае, што становішча з правамі чалавека ў Беларусі не адпавядае абавязкам, якія ўзяла на сябе дзяржава, падпісваючы Міжнародны пакт. Гэтая тэндэнцыя ўласьцівая і апошняму паўгодзьдзю, мяркуе праваабаронца:
«Факты сьведчаць пра тое, што сытуацыя пагаршаецца. Апошнія месяцы — гэта масавыя ператрусы ў актывістаў грамадзкай кампаніі „Гавары праўду“ і ў праваабаронцаў, як у Зьмітра Салаўёва з Наваполацку. Тое самае тычыцца Куціцкага з Рэчыцы. Гэта ў нас выклікае вялікую занепакоенасьць. Не выключаю крымінальнага перасьледу і актывістаў гэтай кампаніі».
Паводле праваабаронцаў, у камітэце правоў чалавека ААН, куды патрапіў «альтэрнатыўны» даклад, з трывогай успрынялі тое, што ў Беларусі нядаўна выканалі два сьмяротныя прысуды асуджаным Юзапчуку і Жуку. Алег Гулак распавёў, што справы былі на кантролі ў камітэце ААН, пра гэта ведалі выканаўчыя ўлады Беларусі, але гэта іх не спыніла:
Такім чынам, былі парушаныя і нашы законы, і міжнародныя абавязкі.
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што толькі праз 2 месяцы сваякам Андрэя Жука з Салігорску даслалі афіцыйны дакумэнт, што таго пакаралі сьмерцю. Месца пахаваньня, як заведзена ў Беларусі, не паведамілі.
Такім чынам, былі парушаныя і нашы законы, і міжнародныя абавязкі.