Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО НЁМАН БЫЎ ЗАБРУДЖАНЫ ТЭХНІЧНЫМІ ВЫКІДАМІ; БЕЛАРУСЬ ГЭТА АДМАЎЛЯЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Тлушчавую плёнку й карычневы шум, якія некалькі тыдняў плылі па паверхні Нёману ад Горадні па тэрыторыі Літвы, міністар прыродных рэсурсаў Лявонці Харужык назваў вынікам біялягічных працэсаў у вадзе з прычыны зьмены пораў году і тэмпэратурных рэжымаў. Нагадаю, што гэта здарылася ў траўні, але ж аналягічнае здарэньне адбылося і мінулай восеньню. Гаворыць Лявонці Харужык:

(Харужык: ) “З задавальненьнем хачу сказаць, што гэта не хімічны забруджальнік, а ўсё ж адбываюцца біялягічныя працэсы. Гэта завалы на дне, якія гэткім чынам выходзяць на паверхню”.

Паводле спадара Харужыка, у Горадні ўзводзяцца адмысловыя ўстаноўкі, каб сканцэнтраваць забруджальнік і супольна зь літоўскімі калегамі канчаткова высьветліць ягоную прыроду. Але гэтага не пацьвердзілі ў Міністэрстве прыроды Літвы, а з высновамі беларускага міністра там катэгарычна ня згодныя. Гаворыць кіраўнік аддзелу водных рэсурсаў Раймондас Сакалаўскас:

(Сакалаўскас:) “Мы ня згодныя, што гэта прыродныя забруджальнікі, бо мы дасьледавалі іхныя складнікі й высьветлілі, што гэта сродкі для мыцьця, якія могуць выкарыстоўвацца для мыцьця нейкіх дэталяў. Аднак, найбольшая частка — гэта нафтапрадукты. Канцэнтрацыя нафты перавышала дапушчальныя нормы ў дзясяткі разоў. І за гэты час працякло больш 20 тонаў нафты. Гэта не прыродная зьява”.

Як паведамлялі ў Мінпрыродзе Беларусі яшчэ раней, уся Горадня п’е ваду з адкрытага рачнога вадазабору. Таму адмыслоўцы-эколягі не выключаюць наўпроставую сувязь паміж выбухам захворваньняў на мэнінгіт у Горадні з забруджанасьцю Нёману, якія амаль супадаюць паводле тэрмінаў. Гаворыць намесьнік кіраўніка НДІ эпідэміялёгіі Аляксандар Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “У гэтым сьвеце можа быць усё. І розныя фактары могуць удзельнічаць: і водны, канечне, і кантактна-пабытовы — шматфактарны кампанэнт”.

Аднак спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя нават не разглядалі гэтай вэрсіі, бо Мінпрыроды на гэтым здарэньні не засяроджвала ўвагу ніякіх ведамстваў. Гаворыць кіраўнічка ўправы гігіены міністэрства Марыя Мазік:

(Мазік: ) “Што тычыцца забруджаньня Нёману, то ў нас з гэтай нагоды няма ніякіх зьвестак. Інфармацыя да нас не паступала, а мы першыя, каму паведамляюць, што ідзе забруджаньне вады адкрытых басэйнаў, вадаправодаў — у нас няма такой інфармацыі”.

Нагадаю, што біць у званы з нагоды забруджаньня Нёману распачалі эколягі Літвы, паколькі ў Беларусі зьнешняе забруджваньне за істотнае ня лічыцца. Паразуменьня ў гэтым пытаньні літоўскія спэцыялісты спадзяюцца дасягнуць у выпадку падпісаньня трохбаковага пагадненьня, паводле якога Беларусь, Літва й Расея пра экалягічны стан водных басэйнаў сумежных рэк будуць абавязаныя даваць паўнавартасную інфармацыю.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG