Дзьмітро Літвін, дарадца прэзыдэнта Ўкраіны, пацьвердзіў факт, што самалёт, на якім Уладзімір Зяленскі ляцеў зь візытам у Ірляндыю, перасьледавалі чатыры дроны, але гэты інцыдэнт не паўплываў на праграму яго візытаў і сустрэчаў.
«Зя бясьпеку адказвае бок, які прымае. Паводле іхных зьвестак, сапраўды былі такія дроны, але гэта не паўплывала на візыт і не прымусіла нешта зьмяняць у візыце», — працытавала Дзьмітра Літвіна агенцтва РБК-Україна.
Аб інцыдэнце 4 сьнежня паведаміла выданьне The Guardian. З публікацыі вынікала, што чатыры невядомыя бесьпілётнікі ляцелі маршрутам самалёта Зяленскага.
Выданьне адзначыла, што самалёт Зяленскага прызямліўся ў аэрапорце Дубліну раней, чым плянавалася. Пры гэтым дроны дасягнулі месца, дзе чакаўся пралёт Зяленскага, «дакладна ў вызначаны час».
Потым дроны кружылі над караблём вайскова-морскіх сілаў Ірляндыі, які таемна накіравалі ў Ірляндзкае мора падчас візыту ўкраінскага прэзыдэнта. У Ірляндыі вырашылі не зьбіваць дроны, а карабель ня меў сродкаў для іх зьбіцьця.
Крыніцы выданьня The Journal адзначылі, што дроны падняліся ў паветра на паўночным усходзе Дубліну і знаходзіліся ў палёце да дзьвюх гадзін. Цяпер гэты інцыдэнт расьсьледуюць. Хто запусьціў дроны і кіраваў імі, невядома.
Ірляндзкія праваахоўнікі ўважаюць, што дроны запусьцілі з мэтай перашкодзіць прыбыцьцю самалёта Зяленскага ў Ірляндыю. Журналісты таксама сьцьвярджаюць, што, паводле Службы бясьпекі Ірляндыі, дроны ў аэрапорце Дубліну былі вялікія, дарагія, вайсковага тыпу, таму гэты інцыдэнт разглядаецца як гібрыдная атака.
Уладзімір Зяленскі наведваў Ірляндыю 2 сьнежня.
Форум