Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральная пракуратура перадала ў суд крымінальную справу на дзевяць службовых асобаў «Белшыны»


На прадпрыемстве «Белшына», архіўны здымак
На прадпрыемстве «Белшына», архіўны здымак

Расьсьледавалі крымінальную справу на службовых асобаў «Белшыны», яе дачок і «іншых асобаў».

Цяпер справу перадала ў суд Генэральная пракуратура Беларусі.

Як паведамляецца, фігурантам «у розным спалучэньні інкрымінаваныя атрыманьне і дача хабару ў асабліва буйным памеры, перавышэньне службовых паўнамоцтваў, а таксама пасярэдніцтва ў хабарніцтве».

У паведамленьні не гаворыцца, кіраўнікі якіх прадпрыемстваў праходзяць у справе, але вытворца шынаў у Беларусі толькі адзін — бабруйская «Белшына». І менавіта яе генэральны дырэктар Андрэй Бунакоў у 2022 годзе быў зьняты з пасады за кантракт на пастаўку ў Расею партыі буйнагабарытных шынаў па заніжанай і нявыгаднай для прадпрыемства цане.

Арганізаваная група, паводле фармулёўкі Генэральнай пракуратуры, дзейнічала на тэрыторыях Беларусі і Расеі ад сьнежня 2017 па ліпень 2024 году. Яна складалася з:

  • генэральнага дырэктара кампаніі — суб’екта тавараправоднай сеткі беларускага прадпрыемства вытворчасьці шынаў у Макве і яго двух намесьнікаў;
  • дырэктара філіі згаданай маскоўскай фірмы ў Растове-на-Доне, а пасьля начальніка аддзелу рэалізацыі шынаў названай гандлёвай кампаніі;
  • генэральнага дырэктара буйнога беларускага прадпрыемства вытворчасьці аўтамабільных шынаў і ягоных двух намесьнікаў у камэрцыйных пытаньнях; адзін зь іх пасьля стаў генэральным дырэктарам рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства ў Менску — заснавальніка маскоўскай тавараправоднай кампаніі;
  • іншых асобаў.

Галоўным у схеме, якая, паводле пракурораў, працавала на «сыстэматычнае атрыманьне ў якасьці хабару грошай за арганізацыю пераважнай рэалізацыі шыннай прадукцыі ў адрас пэўных расейскіх суб’ектаў гаспадараньня», у Генэральнай пракуратуры называюць прадстаўніка Масквы. Як мяркуецца, ён кіраваў наступным чынам:

  • распрацаваў схему злачыннай дзейнасьці, якая прадугледжвала ўзгодненыя дзеяньні ў продажы шынаў канкрэтным прадпрыемствам — перш рэзыдэнтам Расеі ў Паўднёвай і Паўночна-Каўкаскай фэдэральных акругах, а затым на ўсёй тэрыторыі Расеі, і кантраляваў яе рэалізацыю;
  • вызначаў сумы хабару (1% ад кошту пастаўлянай прадукцыі без ПДВ у пэўны прамежак часу);
  • разьмяркоўваў ролі паміж удзельнікамі;
  • распрацаваў мэханізм збору, уліку, разьмеркаваньня і перадачы незаконнай грашовай узнагароды;
  • прыцягваў да ўдзелу ў злачыннай дзейнасьці новых асобаў.

Сумы незаконнага ўзнагароджаньня за пастаўку шынаў у патрэбных аб’ёме і асартымэнце вагаліся ад 360 тыс. да 35,5 млн расейскіх рублёў, паведамляецца ў дакумэнтах Генэральнае пракуратуры. Агулам, паводле падлікаў сьледчых, з 2018 па ліпень 2024 году ў якасьці хабару атрымана каля 560 млн. расейскіх рублёў (або 17,7 млн. беларускіх рублёў).

Генэральны дырэктар «Белшыны» Андрэй Бунакоў, як зразумела газэта «Белорусы и рынок» з публікацыі пракурораў, у сакавіку 2023 году «выйшаў з складу арганізаванай групы, бо быў звольнены з гэтай пасады». Але ў справе ён праходзіць. Яму інкрымінавалі перавышэньне службовых паўнамоцтваў, празь якое ўзначальванае ім тады прадпрыемства зазнала буйной матэрыяльнай шкоды.

У прыватнасьці, былы кіраўнік «Белшыны» арганізаваў пастаўку больш за 7690 аўтамабільных шынаў розных мадэляў на агульную суму 80,3 млн рублёў пры іх фактычным сабекошце 90,2 млн рублёў. Пасьля маскоўскі суб’ект тавараправоднай сеткі прадаў атрыманую шынную прадукцыю канчатковым спажыўцам — расейскім юрыдычным асобам — з розьніцай, ня меншай за 93,7 млн рублёў.

Як паведамляецца, у часе папярэдняга сьледзтва з шасьцю абвінавачанымі заключана дасудовае пагадненьне аб супрацы, зь іх двое не выканалі яго ўмоваў.

Андрэй Бунакоў пасьля выхаду зь СІЗА пасьпеў папрацаваць да сьнежня 2024 году кіраўніком морскага тэрміналу «Портарктик», які будуе лягістычны вузел пад Мурманскам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG