Пра гэта гаворыцца на сайце Міністэрства абароны Літвы:
«Ва Ўзброеных сілах Літвы аб’яўляюць аб плянах на 2026 год па прызыву на першапачатковую абавязковую вайсковую службу. Гэта — захады па ўмацаваньні абараназдольнасьці краіны, падтрыманьні належнага складу дзейнага рэзэрву і стварэньню ўмоў для набыцьця моладзьдзю неабходнай баявой гатоўнасьці. Прызыў 2026 года зьяўляецца мэтанакіраваным крокам на шляху да ўмацаваньня абароннай сыстэмы нашай дзяржавы. Увага да рэзэрву і боегатоўнасьці зьяўляюцца галоўнымі прыярытэтамі ў сёньняшняй абстаноўцы бясьпекі», — гаворыцца на сайце Мінабароны Літвы.
Прызыў будзе праходзіць на працягу ўсяго года, з 2 студзеня па 31 сьнежня. Усяго плянуецца выклікаць на службу каля 5000 прызыўнікоў.
Структура прызыву ня будзе аднастайнай: амаль чатыры тысячы мужчын будуць прызваныя на дзевяцімесячную службу, 90 чалавек з неабходнымі арміі спэцыяльнасьцямі адслужаць тры месяцы, яшчэ 450 чалавек будуць прызваныя на тры-чатыры месяцы, але па праграмах падрыхтоўкі, якія прадоўжацца тры гады. Яшчэ 650 чалавек да 200 дзён пройдуць праграму падрыхтоўкі малодшых афіцэраў.
Літва — не адзіная краіна Эўропы, дзе праводзяць рэформу ўзброеных сіл. У Нямеччыне вярнулі вайсковы ўлік і абавязковыя мэдагляды для ўсіх 18-гадовых (на думку апазыцыі, гэта крок да вяртаньня прызыву ў войска). Францыя, дзе воінскі абавязак адмянілі амаль 30 гадоў таму, увяла добраахвотную вайсковую службу, каб падвоіць колькасьць рэзэрвістаў у бліжэйшыя дзесяць гадоў. Набор 18 і 19-гадовых ахвочых там пачнецца летам.
У кастрычніку стала вядома, што Літва, Латвія і Эстонія распрацоўваюць плян масавай эвакуацыі насельніцтва ў выпадку расейскага ўварваньня: краіны рыхтуюцца да таго, што эвакуацыя можа закрануць прыкладна 1,2 млн. чалавек з каля 6,2 млн. жыхароў.
Форум