«Гомельскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту заведзеная крымінальная справа ў дачыненьні да 47-гадовай жыхаркі Наваполацка, якую выкрылі ў працы на тэлефонных ашуканцаў.
Паводле вэрсіі сьледзтва, першапачаткова фігурантка сама стала ахвярай афэрыстаў. У пачатку кастрычніка яе падманулі па старой ашуканскай схеме. Жанчыне патэлефанаваў нейкі „юрыст“ і паведаміў, што на яе ў двух банках нібыта аформлены крэдыты на суму 10 тысяч рублёў. Незнаёмы пераканаў яе ўзяць „сустрэчныя“ крэдыты для пагашэньня міфічнай запазычанасьці. Асобу „юрыста“ нібыта пацьвердзіў „сьледчы па фінансах“ з відэачату», — распавёў Сьледчы камітэт.
Грамадзянка аформіла крэдыты на 10600 рублёў і перавяла грошы на прадыктаваныяёй рахункі. Па ўказаньні куратара, усе дзеяньні з грашыма праходзілі ў сакрэтнасьці ад мужа і дарослай дачкі. Празь некалькі дзён жанчыне на Viber патэлефанаваў яшчэ адзін ашуканец. Мужчына абрадаваў, што праблема з крэдытамі вырашаная, і нечакана прапанаваў падпрацоўку — «забіраць грошы ў людзей і адвозіць у кантору ў Маскву». Жыхарка Віцебскай вобласьці пагадзілася.
У лістападзе яна зьезьдзіла ў Слуцак, прыняла ад незнаёмай жанчыны пакет з валютай і адвезла яго ў Маскву. Потым атрымала «заданьне» зьезьдзіць у Гомель, дзе яе чакала 65-гадовая пэнсіянэрка. Гамяльчанку таксама ашукалі. За пару дзён фіктыўныя «супрацоўнік аддзела лічбавай бясьпекі ААЦ» і «старшы спэцыяліст юрыдычнага дэпартамэнта Нацбанку» вазалі ёй шэраг махлярскіх установак: задэкляраваць усе ашчаджэньні сям’і (46528 даляраў ЗША, 3620 эўра, 3400 рублёў) і каля пад’езда моўчкі перадаць незнаёмай жанчыне, пералічыць яшчэ грошы на рахункі махляроў, хаваць ад сваёй сямʼі «ўзьніклыя праблемы з законам і фінансамі».
Пра аналягічную сытуацыю паведаміла менская міліцыя.
У міліцыю зьвярнулася 75-гадовая жанчына, якую падманулі ад імя «Водаканалу». Ашуканцы прапанавалі ёй замяніць лічыльнікі вады па льготным кошце для пэнсіянэраў. Жанчына прадыктавала нумар пэнсіённага пасьведчаньня. Потым ёй патэлефанавалі яшчэ некалькі разоў, ужо па відэасувязі. І напалохалі, быццам яе дадзенымі завалодалі ашуканцы. Таму ў кватэры нібыта пройдзе ператрус і ўсе каштоўнасьці забяруць.
Па ўказаньні ашуканцаў жанчына сфатаграфавала і адправіла «куратару» фота ўсіх рэчаў, якія лічыла дарагімі: абразы, мэдалі, ювэлірныя вырабы. Ілжэправаахоўнік загадаў пакласьці ў капэрту два пярсьцёнкі і ланцужок, а таксама ўсе наяўныя грошы жанчыны — каля пяці тысяч рублёў, і праз курʼера перадаць іх нібыта для дэкляраваньня.
Зьмесьціва капэрты забрала 54-гадовая жыхарка Менска. Жанчына таксама стала ахвярай падману і пагадзілася дапамагаць ашуканцам, думаючы, што ўдзельнічае ў спэцыяльнай апэрацыі. Яе затрымалі, аднак да таго часу яна ўжо пасьпела пакінуць чужыя грошы і рэчы ва ўмоўленым месцы.
Форум