Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За год у сьвеце за краты трапілі 93 праваабаронцы. Спэцдакладчыкі ААН запатрабавалі іх вызваленьня


Сымбаль ААН
Сымбаль ААН

Міжнародныя экспэрты ў правах чалавека выступілі з сумеснай заявай з нагоды адвольнага і працяглага ўтрыманьня пад вартай праваабаронцаў.

Разам з Абсэрваторыяй па абароне праваабаронцаў яны заклікалі ўсе дзяржавы сьвету прыняць канкрэтныя захады для барацьбы з глябальнай тэндэнцыяй да працяглага дасудовага ўтрыманьня праваабаронцаў пад вартай і працяглых тэрмінаў турэмнага зьняволеньня.

Паводле аўтараў заявы ў апошнія гады ў дачыненьні да праваабаронцаў пастаянна ўжываецца доўгае дасудовае ўтрыманьне пад вартай і працяглыя тэрміны турэмнага зьняволеньня, пры гэтым праваабаронцы часта ўтрымліваюцца ў бесчалавечных і прыніжальных годнасьць умовах. Многія зазнаюць катаваньні, жорсткае абыходжаньне і прэсінг, а некаторыя памерлі ў турме падчас адбыцьця пакараньня.

Экспэрты занепакоеныя тэндэнцыяй да пагаршэньня абыходжаньня ўладаў з праваабаронцамі. Паводле дадзеных, якія сабраныя плятформай SOS-Defenders, пачынаючы ад 2024 года абвастраецца глябальная праблема працяглага ўтрыманьня пад вартай. Толькі ў 2024 годзе прадстаўнікі SOS-Defenders задакумэнтавалі 93 новыя выпадкі адвольнага затрыманьня праваабаронцаў у 11 краінах. Сярод гэтых краінаў найчасьцей згадваюць Нікарагуа, Тога, Тайланд, Марока, таксама ў заяве фігуруе Беларусь.

У Беларусі з 2021 году за кратамі знаходзяцца старшыня праваабарончай арганізацыі «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі (асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня), намесьнік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч (7 гадоў зьняволеньня), юрыст арганізацыі Ўладзімер Лабковіч (9 гадоў зьняволеньня), валянтэрка Марфа Рабкова (14 гадоў і 9 месяцаў зьняволеньня). З кастрычніка 2022 году ў вязьніцы таксама знаходзіцца праваабаронца міжнароднай арганізацыі «Human constanta» Наста Лойка, якую беларускі суд асудзіў да 7 гадоў зьняволеньня.

Заяву падпісалі 5 вядомых у сьвеце экспэртаў, сярод іх тры спэцдакладчыкі ААН Мэры Лялёр, Джына Рамэра і Мішэль Форст, а таксама рэгіянальныя экспэрты Рэмі Нгой Лумбу з Афрыкі і Рабэрта Кларк з Амэрыкі.



Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG