Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ПіК Свабоды». На чыім баку беларусы ў вайне?


Рыгор Астапеня, каляж
Рыгор Астапеня, каляж

Як ставяцца беларусы да працоўных мігрантаў і да памілаваньняў палітвязьняў? Ці зьмянілася іх стаўленьне да вайны Расеі з Украінай? Які выбар робяць апытаныя паміж Расеяй і Эўропай?

У праграме «ПіК Свабоды» пра вынікі апошняга апытаньня гараджанаў Беларусі распавядае кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага Chatham House, доктар паліталёгіі Рыгор Астапеня.

Кароткі зьмест размовы

0:00 Чаму Лукашэнка запрашае працоўных мігрантаў насуперак пажаданьням беларусаў
4:50 Хто супраць вызваленьня палітвязьняў
7:45 Што выбіраюць беларусы паміж Расеяй, ЭЗ і нэўтралітэтам
9:50 На чыім баку беларусы ў вайне
11:42 Што, акрамя страху, паказваюць апытаньні ў дыктатуры
18:55 Розныя формы спрыяньня Расеі ў вайне маюць розны ўзровень падтрымкі
22:05 Што ведаюць беларусы пра ядзерную зброю і «Арэшнік»?
27:11 Ці палюбілі яны ядзерную бомбу
28:46 Што выбіраюць беларусы паміж АДКБ, NATO і нэўтралітэтам


— Рыгор, падчас вашага апошняга апытаньня задавалася традыцыйнае пытаньне пра геапалітычны выбар паміж Эўропай і Расеяй. З графіку бачная выразная перавага прарасійскіх памкненьняў. Але варта сказаць, што ў мінулым, у пэўныя пэрыяды гісторыі Беларусі, апытаньні фіксавалі нават перавагу праэўрапейскіх настрояў над прарасейскімі. Цяперашні стан, зафіксаваны на графіку — ці можа ён зьмяніцца ў выніку зьмены палітыкі, інфармацыйнай у тым ліку? Ці гэтая перавага прарасейскіх настрояў — гэта доўгатэрміновы трэнд.

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Безумоўна, усё можа зьмяняцца ў гэтым сьвеце, можа адбыцца ў тым ліку і выразны рост праэўрапейскіх настрояў у Беларусі. Проста пытаньне ў тым, якія фактары могуць на гэта паўплываць. Вельмі часта людзі перабольшваюць магчымасьці інфармацыйнай палітыкі, маўляў, мы людзям нешта патлумачыў і яны ўсё правільна зразумеюць. Я мяркую, што інфармацыйная палітыка мае меншы ўплыў, чым рэчаіснасьць. Калі людзі ня могуць атрымаць візы, калі зачыненыя межы, калі шматлікія санкцыі, якія людзі ўспрымаюць як несправядлівыя — дык як людзі будуць хацець далучэньня да Эўразьвязу? Зразумела, што ня будуць. Таму зьмяніцца можа шмат што, але пакуль на даляглядзе не відаць прычынаў, паводле якіх гэта можа адбыцца.

— Вы адсочвалі стаўленьне да ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне з чэрвеня 2022 году. Каля 30% апытаных — на баку Расеі ў вайне. З папярэдняга графіка вынікае, што за саюз з Расеяй — заўважальна больш. Як гэта спалучаецца? Нямала людзей, якія за саюз з Расеяй, вайну якой яны не ўхваляць?

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Пытаньне адносна невялікай групы людзей, якія за саюз з Расеяй, але пры гэтым не падтрымліваюць дзеяньні Расеі ў гэтай вайне. Як гэта спалучаецца? Гэтыя людзі ўспрымаюць сытуацыю так, што ў іх няма выбару. Мяжа адчыненая толькі ў адзін бок. Гандляваць Беларусь можа фактычна толькі з адной краінай. Для многіх гэта важна. І чалавек можа быць прарасейскіх поглядаў, але быць супраць вайны.

— Дадзеныя вашага апытаньняў былі апублікаваныя напачатку тыдня. І ўжо прагучала шмат крытыкі, вам у чарговы раз закідаюць, што апытаньні ў рэпрэсіўным рэжыме могуць паказаць толькі страх. Але вы гэтым разам канстатавалі, што ў правядзеньні апошняга апытаньня вы сутыкнуліся з праблемамі, перашкодамі. Вы адзначылі і справу сацыёляга Яўгена Красьнянскага, якога за апытаньне пра кавід асудзілі на 7.5 гадоў турмы. Дык можа і сапраўды ўсе гэтыя вашыя графікі — гэта аблічча страху?

— Аблічча страху выглядала б інакш. Там бы 90% былі за вайну Расеі, там бы 100% было за Лукашэнку. Але ж у нашым апытаньні атрымалася, што толькі крыху больш за чвэрць падтрымліваюць Расею ў вайне. Дык якое гэта аблічча страху? Непасрэдна пра гэтую хвалю апытаньняў, мы сапраўды сутыкнуліся зь вялікай колькасьцю перашкодаў, многія нашыя партнэры перасталі працаваць у Беларусі, некаторыя з нашых сэрвісаў былі заблякаваныя. Гэта вынік дзейнасьці альбо міністэрства інфармацыі альбо сілавікоў. Таму гэтая хваля апытаньняў праводзілася даўжэй, чым звычайна. Але вынікі, якія мы атрымалі, прыкладна такія ж, як і раней. Нашыя апошнія дадзеныя кансыстэнтныя з тым, што атрымлівалі мы раней і што атрымліваюць іншыя дасьледчыкі ў Беларусі.

— А як наконт страху? Вы ў сваёй справаздачы прыгадалі справу Красьнянскага, Была атака спэцслужбаў на Беларускую аналітычную майстэрню. Рэспандэнт, які пра гэта ведае, можа пабаяцца, што за адказы па пытаньні Chatham House яму, як Красьнянскаму, дадуць 7.5 гадоў.

— Насамрэч гэта мне могуць даць сем з паловай гадоў. Праўда, ужо далі дзесяць у справе «аналітыкаў Ціханоўскай». Але чаго рэспандэнтам перасьцерагацца? Выпадкаў крыміналізацыі ўдзелу ў апытаньнях ніколі не было, Ніводнага за 31 год існаваньня аўтарытарнай сыстэмы ў Беларусі. Мы рабілі шмат падрабязных дасьледаваньняў на гэтую тэму. У нас было дасьледаваньне, зробленае з Філіпам Біканавым і Канстанцінам Несьцяровічам, дзе мы замералі фактар страху, Высьветлілася, што людзей, якія баяцца даць шчырыя адказы — 8-9%. Насамрэч у нашых апытаньнях ёсьць адваротны перакос у бок людзей больш дэмакратычных поглядаў. Людзі сталага веку, якія трапляюць у нашыя выбаркі, крыху незвычайныя для сваёй узроставай кагорты, яны больш уключаныя ў сьвет, карыстаюцца інтэрнэтам, зарэгістраваныя на онлайн-панэлях. Але на гэтае скажэньне чамусьці ніхто ня скардзіцца.

— Адзін з самых сэнсацыйных вынікаў вашага апытаньня — рэзкі рост колькасьці прыхільнікаў расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Чаму? Фактар страху? Моц прапаганды? Але яна не ва ўсім такая ўсемагутная. Чаму ў гэтым пытаньні яна аказваецца эфэктыўнай?

ГЛЯДЗЕЦЬ ГРАФІК У ПОЎНЫМ ФАРМАЦЕ

— Я думаю, што справа перадусім усё ж у прапагандзе, яна здолела пераканаць многіх беларусаў. У 2022 годзе гэтая ініцыятыва была яшчэ далёкая ад рэалізацыі, таму частка нават прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі была супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Але з цягам часу прапаганда ўключылася, Лукашэнка ўпарта даказваў, што гэта важна для абароны дзяржавы, што гэта будзе гарантыяй, што ніхто не нападзе на Беларусь.

— У мяне ўзьнікла такая аналёгія. Шмат гадоў у Беларусь большасьць была супраць пабудовы АЭС з матывацыяй — нам хапіла аднаго Чарнобыля. Але калі Лукашэнка выказаўся за АЭС, калі яе пачалі будаваць і нават пабудавалі, то паводле апытаньняў грамадзкая думка зьмянілася і фіксавалася нават невялічкая перавага прыхільнікаў АЭС. Ці не адбываецца з ядзернай зброяй тое самае — нейкае прызвычайваньне, прыняцьце таго, што ўжо стала рэчаіснасьцю?

— Так, гэта досыць трапнае параўнаньне. Калі гэта ўжо ёсьць, дык чаго быць супраць? Так сапраўды разважаюць некаторыя.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG