Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск адчуў, што „пайшла карта“», — Кавалеўскі ацэньвае магчымасьці Літвы разьвязаць крызіс


Валер Кавалеўскі, архіўнае фота.
Валер Кавалеўскі, архіўнае фота.

Хто зацікаўлены ў эскаляцыі беларуска-літоўскага канфлікту? Чаму прапаганда ўчапілася за прылёт дрона нібы зь Літвы, не заўважаючы дроны з Расеі?

Пра гэта ды іншае ў эфіры «ПіКа Свабоды» Ганна Соўсь пагаварыла з палітыкам, кіраўніком Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім.

Фрагмэнты гутаркі

— МЗС Беларусі заявіў пра парушэньне мяжы дронам з тэрыторыі Літвы і расцаніў гэта як «наўмысную правакацыю ня толькі ў адносінах да Беларусі, але і Польшчы». Улады ж Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні грузавікоў. Валер, каму насамрэч выгадная гэтая эскаляцыя?

— Каму выгадна — клясычнае пытаньне, і тут хацелася б перавесьці ў пэўны момант стрэлкі на Маскву, што яна спрыяе працягу канфрантацыі паміж Беларусьсю і Захадам, бо гэта ў іх інтарэсах, каб Беларусь заставалася адарванай ад ЭЗ. І за апошнія пяць гадоў гэтая дыстанцыя сапраўды вырасла. Але разам з тым менавіта рэжым Лукашэнкі адказны за падобныя варожыя, незаконныя гэтыя дзеяньні. І тут не варта сьпіхваць гэта ўсё на Расею. Бо менавіта Лукашэнка заяўляе пра тое, што ён сувэрэнны, што ў яго ёсьць магчымасьць кантраляваць сытуацыю ў Беларусі. І менавіта ён нясе адказнасьць, за тое, што адбываецца. І выглядае, што запускі гэтых мэтэазондаў у бок Вільні, у бок аэрапорта — мэтанакіраванае дзеяньне, якое сапраўды трымае ўсю краіну ў закладніках такіх дзеяньняў.

Менск настойвае на тым, каб распачаць дыпляматычныя перамовы дзеля таго, каб урэгуляваць сытуацыю на мяжы. І гэта выглядае як спроба прабіць дыпляматычную і палітычную ізаляцыю Менска. Разам з тым мэтады, якія выкарыстоўвае Менск, сапраўды не спрыяюць таму, што будзе выпрацоўвацца добрая воля ў Літве. Такое адчуваньне, што Менск адчуў, што «пайшла карта» пасьля таго, як Злучаныя Штаты пачалі размаўляць пра вызваленьне палітвязьняў, калі высокапастаўленыя асобы з Вашынгтона ў гасьцях у Лукашэнкі, але выглядае, што ў іх ня вельмі адэкватная ацэнка таго, што для Захаду ўяўляе Беларусь, якую каштоўнасьць уяўляе наша краіна для рэгіянальнай бясьпекі прынамсі.

Праўда заключаецца ў тым, што па-ранейшаму на Беларусь глядзяць як на пагрозу, як на сатэліта Расеі. Захад можа лёгка адмовіцца ад дыялёга, ад таго, каб наладжваць нейкія адносіны з Менскам для вырашэньня канкрэтных праблем. Захад можа адмежавацца ад Беларусі, выбудаваць гэтую мяжу, гэтую сьцяну на мяжы з Беларусьсю, выбудаваць мэханізмы стрымліваньня пагрозы на цэлыя дзесяцігодзьдзі наперад. І таму, пераацэнка сваіх магчымасьцяў з боку Менска вельмі небясьпечная для нашай краіны.

— У тэлефоннай размове з кіраўніцай дыпляматычнага ведамства Эўрапейскага Зьвязу Каяй Калас 1 сьнежня міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў не дазволіць Беларусі пазбавіцца санкцыяў. У канцы кастрычніка Літва падала ў Эўракамісію прапановы аб уключэньні дадатковага крытэру — гібрыдная атака — у рэжым санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі. Літва таксама прапануе ЭЗ увесьці дадатковыя сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі. Якія магчымасьці ў Літвы разьвязаць гэты крызіс? Якая стратэгія можа тут спрацаваць?

— Адзінства, кансалідацыя пазыцый ЭЗ і ЗША будзе вельмі важная. Менавіта са Злучанымі Штатамі будзе галоўны козыр, таму што ЗША на сёньняшні дзень размаўляюць з Менскам, у іх ёсьць магчымасьць даводзіць пэўныя пазыцыі, хоць гэты дыялёг адбываецца па пытаньні вызваленьня палітвязьняў у Беларусі, але ўсё ж гэта той канал, які варта скарыстаць дзеля таго, каб прыцягнуць увагу Менска да тых наступстваў, якія могуць прыйсьці. Сыходзячы з апошніх заяваў і ў Бруселі, і ў Вільні, бачым, што насамрэч рэжым Лукашэнкі сам сабе стварае новую праблему на роўным месцы, то бок новы крытэр гібрыдных атак. Такога раней не было. Нават і месяц таму, калі мы былі ў Вільні з візытам з Кааліцыяй па вызваленьні палітвязьняў, там гучалі розныя вызначэньні таго, што адбываецца. Казалі і пра гібрыдныя атакі, але таксама паралельна казалі пра тое, што гэта кантрабандысцкія апэрацыі, пакідаючы нейкую прастору для Менска выйсьці з гэтай сытуацыі, не даваць магчымасьці гэта пераводзіць у міжнароднае прававое поле, дзе будуць створаныя крытэрыі, дзе будуць уводзіцца санкцыі менавіта за такія гібрыдныя атакі.

Менск пасылае вельмі супярэчлівыя сыгналы, калі яны кажуць пра тое, што яны гатовыя да дыялёгу з краінамі Захаду, калі старшыня КДБ Церцель гаворыць пра тое, што яны кіруюцца прынцыпамі добрасуседзтва (гэта было яшчэ ў чэрвені). А гэтыя дзеяньні паказваюць яўную супярэчнасьць з гэтым і паўстае пытаньне, наколькі Менск на сёньняшні дзень гатовы да такога дыялёга па крытычных пытаньнях па тых занепакоенасьцях, якія выказваюцца заходнімі краінамі на працягу ўжо пяці гадоў. Гэта вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій і спыненьне правакацый на мяжы, якія вядуць да дэстабілізацыі сытуацыі ў суседніх краінах. Вельмі важна, каб краіны Эўропы падтрымалі Літву ў гэтых умовах, не далі магчымасьці Лукашэнку стварыць новыя рычагі ціску на сытуацыю ў Літве і ў іншых эўрапейскіх краінах, якія суседнічаюць з Беларусьсю, не даць гэтаму стаць нармальнай практыкай. Міграцыйны крызіс ужо пяты год працягваецца на межах, і гэта прывяло да значных стратаў, ужо не кажучы пра тое, колькі людзей загінула на гэтай мяжы.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG